×
Подождите немного...
Артурас ДУБОНІС
ДА ПРАБЛЕМЫ ДЗЯРЖАЎНАЙ МОВЫ Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ
Artūras DUBONIS. Da prablemy dziaržaŭnaj movy ŭ Vialikim Kniastvie Litoŭskim [About a Problem of the State Language in the Grand Duchy of Lithuania] // METRICIANA: Daśledavańni i materyjały Metryki Vialikaha Kniastva Litoŭskaha. Vol. III (ATHENAEUM: Commentarii Historiae et Culturae. X, 2004). P. 205—219.
Становішча літоўскай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім (далей – ВКЛ) з першага, павярхоўнага погляду выглядае несуцяшальна. У афіцыйным, публічным жыцці, дзяржаўным справаводстве доўгі час выкарыстоўвалася “руская” мова, потым яе замяніла польская. У вершыку таго часу нават напісана:
Полска квитнет лациною,
Литва квитнет русчизною.
Без той в Полсце не пребудеш,
Без сей в Литве блазнем будеш .
Народ, які стварыў дзяржаву ВКЛ, аж да выхаду першай літоўскай кнігі Марцінаса Мажвідаса ў 1547 г. быў амаль у маўчанні – пакінуў толькі тры кароткія помнікі пісьменства – малітвы Ойча наш (Teve mūsų), Дзева Марыя (Sveika Marija) і Вызнанне Веры (Tikiu ingi Dievą Tevą) на ўнутраным баку вокладкі да кнігі, выдадзенай у 1503 г. Да гэтага часу ў многіх вучоных у хаду тэзіс “абрусення” або паланізацыі Літвы, этнічных літоўцаў. Літоўскія даследчыкі па дадзенаму пытанню праводзяць з імі палеміку. Некалькі дзесяцігоддзяў таму назад з нагоды не такога ўжо і сумнага становішча літоўскай мовы ў ВКЛ у сваіх працах выказаліся праф. Канстанцінас Яблонскіс, Юргіс Лябядзіс, акад. Зігмас Зінкявічус, Зігмантас Кяўпа .
Але ў апошні час беларускія калегі-гісторыкі і лінгвісты ў сваіх працах і выступленнях “старабеларускую” мову настойліва называюць дзяржаўнай у ВКЛ, пры гэтым не звяртаючы ніякай увагі на працы літоўскіх калег. У гэтым яны па крайняй меры робяць адну метадалагічную памылку, сутнасць якой цудоўна сфармуляваў Кяўпа: “...мова пісьменства – гэта яшчэ не вуснае маўленне”; дадамо да гэтага – і не дзяржаўная мова, бо ў Літве ўжывалі і латынь з польскай.
У некаторай ступені высновы гісторыкаў Беларусі ў Літве падтрымлівае праф. С. Лазутка. Ён упэўнены ў тым, што паны, баяры, мяшчане і нават частка сялянства валодалі “старабеларускай”. На дадзеную выснову звярнуў увагу лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш. Яму праяснілася пытанне адкуль на яго радзіме, у ваколіцах Кедайняй з’явілася польская мова. Ёю была заменена “старабеларуская”. Але ён не ва ўсім пагадзіўся з праф. Лазуткам і трапна спытаў: «..якім шляхам старабеларуская мова пашырылася ў Кедайняйскім краі, дзе вясковы народ не быў праваслаўным і не размаўляў на славянскіх мовах». Адказ просты: не было ў этнічнай Літве шырокіх рэгіёнаў з ужываннем «старабеларускай» мовы. Прычына палемікі: праблемы інтэрпрэтацыі гістарычных дадзеных.
Крыніцы гісторыі Літвы па пытанню ўжывання літоўскай мовы ў ВКЛ крайне нешматлікія. Сотні гродскіх актавых кніг, многія судовыя кнігі розных інстанцыяў былі знішчаныя або прапалі бясследна ў час акупацыі ВКЛ расійскімі і шведскімі войскамі ў сярэдзіне XVII ст., таксама ў час разбуральных пажараў. У матэрыялах Літоўскай Метрыкі, у некалькіх кнігах магдэбургскіх гарадоў і па некаторых іншых урыўках крыніц мы знаходзім толькі фрагменты, па якіх немагчыма скласці выразны, суцэльны малюнак штодзённага лінгвістычнага жыцця грамадства ў ВКЛ ад вярхоў да самых нізоў. З-за гэтага рэальны малюнак лінгвістычнага мінулага ВКЛ у многім скажоны. Якую унікальную інфармацыю пра шматмоўе ў ВКЛ мы згубілі, пакажуць некалькі кніг Каўнаскага магістрата XVI ст., якія цудам захаваліся. Такім чынам, дадзеныя пра ўжыванне літоўскай мовы ў публічным жыцці ў XV—XVI ст. настолькі рэдкія і адзінкавыя, што даводзяць да адчаю: пра што яны інфармуюць – пра выключэнне з правілаў або пра самое правіла, г. зн. ці правільна лічыць надзвычай шырокае распаўсюджванне рускага пісьменства ў канцылярыях і сярод пісьменных людзей у этнічнай Літве фактам “абрусення” літоўцаў і дзяржаўнага статусу “старабеларускай” мовы? Паводле гэтай логікі, правільнай стане такая выснова: пашырэнне хрысціянства ў Літве праводзілася на латыні і рускай, паколькі літоўскіх каталіцкіх тэкстаў не было да XVI ст.
Непрадуманая, катэгарычная выснова, якая грунтуецца на адзінкавым факце, без асобых намаганняў можа быць абвергнута іншым. Напрыклад, 12.VIII.1535 жамойцкія цівуны і баяры скардзіліся Каралю і Вялікаму князю Жыгімонту Старому на свайго старасту і ваеначальніка Яна Радзівіла пра тое, што ён прымушаў жамойцкія войскі выконваць незвычайныя вайсковыя задачы: разведваць прасоўванне маскоўскіх войскаў ля Полацка, браць языкоў і, зразумела, дапытваць іх. Асабліва цяжкім было апошняе заданне. Баявая эліта жамойцкага баярства заявіла, што “мове руской добре не знають“, і гэта было з разуменнем прынята гаспадаром .
Многіх дадзеных аб мове літоўскага народа ў крыніцах ХІІІ—ХІV ст. чакаць і не даводзіцца з прычыны абсалютнай зразумеласці для сучаснікаў таго, што Літва размаўляла на сваёй мове. Звернемся да галоўных. Нягледзячы на ўсе наватарскія метадалагічныя адкрыцці Алеся Канстанцінавіча Краўцэвіча па пытанню ўтварэння Літоўскай дзяржавы , у рускіх і нямецкіх крыніцах маюцца недвухсэнсоўныя дадзеныя пра тое, што Літва размаўляла на сваёй мове і не была абеларусеўшым прадстаўніком этнасу з кантактнай балтаславянскай зоны ў вярхоўях Нёмана.
У Вазвягольскіх падзеях 1258 г. літоўцы “течюще по городищоу. тоужахоу же и плевахоу. по своискы рекоуще янда” . Жамойты, палітычна больш самастойная частка літоўскага народа, на перамовах з Каралём Мідоўгам у 1260—1261 г. заклікалі яго пакінуць хрысціянства і разам працягваць барацьбу з Лівоніяй. Пры аргументаванні яны абапіраліся і на імя караля Min-daug-as, тлумачачы яго ў адпаведнасці з семантыкай слоў літоўскай мовы “які шмат памятае, мудры” : у 6397 радку Лівонскай рыфмаванай хронікі жамойты ў якасці камплімента кажуць яму: “Бо называюць цябе мудрым”. Хрысціянін літовец Генекін без сумнення служыў у Вялікага князя Гедыміна перакладчыкам з літоўскай мовы на нямецкую і далей на латынь пры правядзенні апошнім славутай палітычнай акцыі лістоў у хрысціянскую Еўропу 1322—1323 г. (intelleximus te fuisse interpretem inter regem et fratrem Bertoldum, cum scripsit litteras predictas) . У ходзе хрышчэння Літвы катэхізацыя народа праводзілася на літоўскай мове, пры актыўным удзеле Караля польскага Ягайлы і Вялікага князя літоўскага Вітаўта. Вучоныя прыходзяць да высновы, што тады з’явіліся першыя пісьмовыя тэксты на літоўскай мове . У тыя лёсаносныя для Літвы гады – хрышчэнне, палітычны саюз з Польскім Каралеўствам, перамога над Нямецкім ордэнам у барацьбе за незалежнасць – вусны варыянт літоўскай мовы стаў, – можна з упэўненасцю падкрэсліць, – адной з моў дыпламатыі ва Усходняй і ў частцы Цэнтральнай Еўропы. У студзені 1429 г. на з’ездзе манархаў у Луцку Вялікі князь літоўскі Вітаўт са сваім стрыечным братам, Каралём Ягайлам палітоўску абмеркавалі пытанне каранацыі першага Каралём Літвы. Высокія афіцыйныя асобы Нямецкага ордэна ў Прусіі валодалі літоўскай. Аб літоўскай мове як мове ўсяго літоўскага народа (літоўцаў і жамойтаў), у лісце ад 11.ІІІ.1420 імператару Сігізмунду тлумачыў Вялікі князь Вітаўт: “...qui eciam est et semper fuit (Жамойць, terra Samaytarum – наша заўвага, А. Д.) unum et idem cum terra Lithwania, nam unum ydeoma et uni homines…”
Кіруючуя ў Літве і Польшчы дынастыя Гедымінавічаў – Ягелонаў і літоўскія паны звярталі пэўную ўвагу на ўжыванне літоўскай мовы ў ВКЛ на працягу амаль усяго ХV ст. У 1440 г. з Кракава ў Вільню прыбыў і Вялікім князем быў абраны Казімір. Дзякуючы польскаму гісторыку Яну Длугашу мы ведаем, што літоўскія паны клапаціліся пра тое, каб Вялікі князь навучыўся літоўскай мове і звычаям (мясцоваму праву). Да яго ад’езду ў Каралеўства Польскае ў 1446 г. у час перамоў літоўскіх паноў з польскім бокам аб умовах абрання Казіміра Каралём было узгоднена, што ў яго двары ў Польшчы побач з палякамі змогуць служыць і дваране, якія размаўляюць па-літоўску. За перыяд праўлення Казіміра ў Літве (1440—1492) унутраныя і знешнія справы дзяржавы ў Панах-Радзе вырашаліся – па назіраннях гданьскіх мяшчан у 1492 г. – на польскай, літоўскай і рускай. Вышэй прыведзеныя дадзеныя невыпадковыя. Яны адпавядаюць больш агульнай тэндэнцыі: ў ХV ст. доўгі час не толькі літоўская знаць, але і гаспадар Літвы са сваім дваром размаўлялі або разумелі па-літоўску, на гэтай мове вырашалі некаторыя пытанні дзяржаўнага кіравання, зразумела, побач з іншымі мовамі. Лінгвістычную сітуацыю гэтага стагоддзя ў ВКЛ у сваёй прамове Папу Рымскаму Аляксандру VІ прыгожа абагульніў сакратар канцылярыі Вялікага князя
Літоўскага Аляксандра (1492—1506), канонік капітулы Віленскага біскупства Эразм Цёлк (Вітэліюс) 31 сакавіка 1501 г. ў Рыме. Ён падкрэсліў тое, што літоўцы размаўляюць на сваёй мове, умацаваўшы сваё азначэнне словам observare “мову строга захоўваюць, паважаюць, шануюць”: “Linguam propriam observant”. Удакладніў, што ў ВКЛ шырока карыстаюцца рускай мовай, якая больш лёгкая і простая, на ёй размаўляе палова дзяржавы . Цёлк растлумачыў тое, што пазіцыі рускага пісьменства і пісьмéннасці былі вельмі моцнымі, а асноўныя мовы дзяржавы – літоўская і руская і іх носьбіты католікі і праваслаўныя — былі ў ідэальнай гармоніі і міры. А гэтага так і не хапала ўзаемаадносінам ВКЛ з Вялікім Княствам Маскоўскім (далей — ВКМ). З другога боку менш інфармаваны чалавек значыць прыходзіў у здзіўленне ад таго, што народ, імем якога называлася дзяржава ВКЛ і стваральнікам якога ён быў сам, так шырока карыстаўся не роднай мовай. Адпаведныя тлумачэнні дапытліваму давалі самыя высокія афіцыйныя асобы дзяржавы: сакратар канцылярыі гаспадара Цёлк, або віленскі войт Аўгустын Ратундус у другой палове ХVІ ст. – аб такім адважным, доблесным, прыемным заваёўніку-літоўцу рускім, што нават мовы абодвух народаў сталі перамешвацца, а да таго ж славянская мова вельмі зручная, бо пашырылася ў большай частцы Еўропы .
Дадзеную моўную раўнавагу падрываў іншы працэс. Польская мова пашыралася праз каралеўскі двор і часткова праз святароў каталіцкага касцёла, якія прыбывалі з Кароны. Да сярэдзіны ХVІ ст. літоўская мова выйшла з ужывання ў гаспадарскім двары, родная мова знікла з вуснаў этнічна літоўскай знаці. Зразумела, яна і далей была літоўскай, не стала рускай ці польскай—проста мянялася лінгвістычная арыентацыя. З іншага боку, увага Вялікага князя і кіруючых колаў дзяржавы да літоўскай мовы засталася, і была важнейшым фактарам яе захавання да нашых дзён. Па дадзеных, якія маюцца, бачна, як Кароль і Вялікі князь сачыў за справамі пашырэння веры на зразумелай літоўцам роднай мове. Без усялякіх агаворак падтрымліваліся просьбы плябанаў у прыходах атрымліваць забеспячэнне на ўтрыманне памочнікаў, вікарыяў для казаняў, споведзяў і іншых рэлігійных паслугаў на літоўскай мове . Вялікі князь Аляксандр, не без умяшання каталіцкіх біскупаў, прыняў арганізацыйныя захады па павелічэнню колькасці літуанамоўных святароў Літвы. У Віленскім біскупстве 18 верасня 1501 г. ён перадаў права патранату над 28 прыходамі і 5-ю касцёламі біскупу Альбертасу Табару, у Мядзінінкайскім (Жамойцкім) біскупстве 5 студзеня 1503 г. біскупам — над 7-ю касцёламі . Вялікі князь патрабаваў, каб у іх служылі вікарыі, якія валодаюць літоўскай. Гаспадар ішоў насустрач у пытаннях ужывання літоўскай у магдэбургскіх гарадах Літвы: у прывілеі Каўнасу (1540 г.) і пры пацвярджэнні Віленскага вількюра (правілаў) (1551 г.) былі ўведзеныя клаўзулы аб асноўных мовах афіцыйнага жыцця абодвух гарадоў: у Вільні – польская, літоўская і руская; у Каўнасе – літоўская і польская . Можна заключыць, што інфармацыю пра лінгвістычны стан у шматнацыянальнай дзяржаве кіруючыя колы атрымлівалі з царкоўных слаёў, гарадоў. Нельга абысці маўчаннем яшчэ адну крыніцу інфармацыі, пра яе мы ўжо згадвалі – супрацоўнікаў вялікакняскай канцылярыі і з імі звязаных афіцыйных асоб. У час праўлення Жыгімонта Старога (1506—1548) з высокімі афіцыйнымі асобамі дзяржавы і канцылярыі Літвы па пытаннях адносін з ВКМ шматразовыя кантакты ў 1517 і 1526 гг. меў імператарскі пасол Сігізмунд Герберштэйн. Ён пакінуў выразныя назіранні пра Літву і літоўскую мову. Пра некаторыя нюансы ён мог даведацца толькі ад пісьмéнных дзяржаўных службоўцаў. Па яго словах, унутры Русі ў шырокім сэнсе слова “толькі дзве нярускія вобласці – Літва і Жамойць... яны размаўляюць, аднак, на сваёй мове... зрэшты, жывуць у іх пераважна рускія” . Гэтыя шматлікія рускія – несумненна бежанцы ад Вялікага князя маскоўскага, які прасоўваўся на захад, сілай займаючы рускія землі ВКЛ. Вельмі дрэнную думку пра гэтых бежанцаў выказаў менавіта сакратар канцылярыі гаспадара Венцлаў Мікалаевіч у першай палове XVI ст. — аўтар працы “Аб норавах татараў, літоўцаў і маскавітаў” Міхалон Літвін. Ён сцвярджаў, што рускія Літвы знаходзяцца на службе ў Вялікага князя маскоўскага і падрываюць ВКЛ знутры . Гэта быў дзяржаўны чыноўнік гуманістычнай адукацыі і кругагляду, лічыў сябе літоўцам і ідэнтыфікаваў з усім этнасам – ад вяльможы да нявольнага чалавека літоўца. Яго патронам быў славуты Віленскі ваявода, канцлер Альберт Гаштольд. Літуаністычныя заслугі і своеасаблівы нацыяналізм магутнага чалавека Літвы шырока вядомыя: адлучэнне манастыроў літоўскіх манахаў-бернардзінаў (францысканцаў) ад польскіх, падтрымка дзеячоў літоўскага рэлігійнага пісьменства, глыбокі недавер да некаторых паноў рускага паходжання ў ВКЛ. Праца Міхалона Літвіна была крыніцай павучэнняў і інфармацыі для маладога Караля і Вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, самастойнага кіраўніка Літвы ў 1544—1548 г. яшчэ пры жыцці бацькі. Ён даводзіў да ведама Караля пра лінгвістычныя праблемы ў дзяржаве: у Літве даводзіцца вывучаць навуку (грамату) маскавітаў таму, што адсутнічаюць сапраўдныя гімназіі для спасціжэння адукацыі (калегіі, вышэйшыя навучальныя ўстановы). У іх бы навучаліся латыні. Бо руская мова літоўцам, выхадцам з Італіі, чужая . Гэтая заява наўпрост пераклікалася са спробамі некаторых адказных асобаў умацаваць ужыванне літоўскай мовы ў афіцыйным жыцці. Ёю павінна была стаць латынь, бо літоўская была аб’яўлена яе “гаворкай”. Застаецца толькі здагадвацца пра вастрыню палемікі па дадзенаму пытанню сярод займаўшых адказныя пасады інтэлектуалаў ВКЛ. Некаторыя з іх яўна ставілі сабе за мэту выштурхнуць рускую пісьмовую традыцыю і часткова мову з дзяржаўнага кіравання. Прычына была простай: гэтай мовай карыстаўся “спрадвечны непрыяцель Літоўскага гаспадара – Вялікі князь маскоўскі”. Тэндэнцыя выцяснення прыкметная з пачатку XVI ст., асабліва пасля паўстання князя Глінскага ў 1508 г., сталі не адзінкавымі выпадкі, калі баяры ВКЛ адважваліся на немалыя выдаткі і ў гаспадарскай канцылярыі свае рускія прывілеі перапісвалі на латынь . У Каўнасе ў вялікакняскім прывілеі 1540 г. былі прадугледжаныя дзве мовы для судаводства – літоўская і польская. Следуючы за Міхалонам Літвінам віленскі войт Ратундус у прадмове ім самім перакладзенага на латынь Другога Літоўскага Статута ў 1576 г. заклікаў Караля Рэчы Паспалітай Абойга Народаў Стэфана Баторыя ў дзяржаўных справах Літвы як мага радзей карыстацца мовай Вялікага князя маскоўскага і прапаноўваў літоўскую, г. зн. латынь – больш чыстую “літоўскую” .
Але рускае пісьменства ў афіцыйным жыцці ВКЛ мела старадаўнія традыцыі, глыбока пусціла карані ў звычаі Літвы, мела плённыя эдукацыйныя структуры. Спроба выкаранення рускай мовы пацярпела няўдачу. Ратундус асабіста ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Другога Літоўскага Статута 1566 г., але не рэалізаваў сваю лінгвістычную праграму ў асноўным прававым кодэксе дзяржавы. Як знак перамогі ў палеміцы адносна афіцыйных моў у ВКЛ варта лічыць уведзенае ў 1 пункт ІV раздзела Другога Літоўскага Статута патрабаванне, каб у новых земскіх судах справаводства вялося б па-руску: “A pisarz ziemski ma po rusku, literami i słowy ruskiemi wszystkie listy i pozwy pisac, a nie inszym ięzykiem y słowy…” . Гэта быў новы суд у Літве, створаны па ўзору польскага судаводства. Для яго рэфарматары-традыцыяналісты адстаялі рускую мову замест польскай або латыні. Перамогу зацвердзілі ў Трэцім Літоўскім Статуце (далей – ТЛС) у 1588 г., дзе гэтае патрабаванне дадаткова устанавілі і для пісара замкавага суда: пісар абавязаны ведаць права і рускае пісьмо (37 пункт, ІV раздзел) . Нарэшце з высокай пазіцыі падканцлера ВКЛ Леў Сапега ў прадмове да ТЛС паставіў кропку па дадзенаму пытанню: “...не обчымъ якимъ языкомъ, але своимъ власнымъ (г. зн. – рускай) права списанные маемъ…”. Дарэчы, прыведзеныя вышэй факты нельга лічыць за абвяшчэнне “старабеларускай” мовы Статутаў дзяржаўнай у ВКЛ, што вельмі часта робяць калегі беларускія гісторыкі і лінгвісты. У Статутах толькі канстатавалася, што руская заставалася мовай афіцыйнага дзелавога пісьменства дзяржавы, побач з латынню і польскай, якая ўмацоўвалася.
Юрыдычны клопат пра рускую мову, якую дэманстравалі высокія афіцыйныя асобы дзяржавы, сведчыць пра яе слабеючыя пазіцыі. Польская мова цясніла і рускую, і літоўскую. Прадстаўнікі абодвух асноўных народаў ВКЛ, літоўскага і рускага (беларускага і ўкраінскага) насельніцтва, выражалі незадавальненне. Афіцыйна Сапега пазбягаў папрокаў у адрас палоналінгвізму, але яны ўсё ж прасочваюцца ў ТЛС. Адміністратары больш нізкага ўзроўню выказваліся больш адкрыта. У 1569 г. Смаленскі ваявода, Пінскі і Менскі стараста Васіль Цішкевіч адмовіўся выконваць па-польску напісанае распараджэнне Караля і Вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Ліст у канцылярыіі перапісалі “па-руску” . Праз трыццаць год, у 1599 г. канонік Жамойцкі Мікалоюс Даўкша ў прадмове да каталіцкай “Пастылі” (чытанняў) заклікаў літоўскае баярства ў дзяржаўных справах карыстацца роднай літоўскай мовай . Прычынай закліку сталі палітычныя рэформы 1564— 1566 гг. у краі, у ходзе якіх былі ўведзеныя баярскія павятовыя соймікі, баярскія земскія суды і галоўны апеляцыйны суд, Трыбунал. Гэта былі палітычныя структуры, прынесеныя з Польшчы, праз іх у дзяржаве пашыралася польская мова ва ўрон роднай літоўскай.
Гарызонт ужывання літоўскай мовы ў афіцыйным жыцці станавіўся няясным, як і рускай. Абвяшчэнне яе гаворкай латыні паказвае, што ў ланцугу спажывання з'явіліся дэфекты. І хаця кіруючая эліта дзяржавы перастала ўжываць літоўскую ў афіцыйным жыцці, але ўсё-такі падтрымлівала яе да такой ступені, што мова не ператварылася ў маргінальную вясковую гаворку, якой стала сотняй-другою гадоў пазней. Мы павінны гаварыць пра своеасаблівы лінгвістычны ціск знізу, да якога вярхі не былі абыякавымі. Гэтаму некалькі прычынаў: у перыяд Рэфармацыі вырасла значэнне нацыянальнай мовы; пры страце зямель з рускім насельніцтвам на ўсходзе дзяржавы ў ВКЛ механічна павялічылася колькасць літоўцаў, у Літве адбываліся трэнні паміж асядаўшымі там рускімі – часта бежанцамі ад Вялікага князя маскоўскага, – і мясцовымі літоўцамі, паколькі «чужыя» ўмешваліся і нават мянялі даўнія ўстоі мясцовага жыцця . У большасці літоўскае насельніцтва дзяржавы размаўляла толькі на адной роднай мове. Мы ўжо цытавалі зварот да гаспадара жамойцкага войска ў 1535 г., дзе яны прызналіся ў няведанні рускай мовы і былі зразуметыя ім са спачуваннем. Відавочна, што ў судах і справах кіравання краем, дзе панавалі ясныя выразныя юрыдычныя тэрміны і паняцці з прававымі наступствамі, літоўцы не карысталіся чужой мовай. Той жа Даўкша ў прадмове да «Пастылі» падкрэсліваў, што народ, г. зн. большасць баярства, не размаўляў на чужой мове – у дадзеным выпадку па-польску, заўважым – пад канец XVI ст.36
Але жамойты ў 1535 г. да гаспадара звярнуліся «па-руску» пісаным лістом, г. зн. пры складанні ліста вусная літоўская гаворка была перакладзеная на рускую пісьмовую. Лёгка здагадацца, што ў складанні ліста ўдзельнічаў пісьменны шматмоўны пасрэднік паміж этнасамі і культурамі. Гэтых пасрэднікаў вельмі цяжка знайсці, дадзеных пра іх мала. Хаця на падставе вывучаных фанетычных, граматычных і лексічных літуанізмаў у рускім пісьменстве Літвы робіцца выснова, што адукаваныя пісары-літоўцы ў этнічнай Літве XVI ст. былі ў большасці. Пры двары гаспадара гэта былі дваране-літоўцы, сакратары і пісары канцылярыі і скарбу, некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі ў цэнтральнай адміністрацыі. Напрыклад, 29 жніўня 1528 г. Вялікі князь адправіў свайго двараніна Ёнаса Орвідаса ў Жамойць перапісаць насельніцтва і яго павіннасці; а 20.ХІ.1531 выехаў іншы – Багдан Міцькавіч, пра якога гаспадар заўважыў жамойтам, што ён як і яны – мясцовы. Вельмі высокае становішча ў канцылярыі займаў згаданы Венцлаў Мікалаевіч (Міхалон Літвін). Сам быў з дробных баяр Майшагальскага павета. Яшчэ больш такіх пісьменных пасрэднікаў працавала ў мясцовых адміністрацыях і прававых дзяржаўных структурах. Дадзеных пра іх мала. Для вытлумачэння гэтага пытання надзвычай важны выяўлены праф. Лазуткам дакумент пра ўжыванне літоўскай мовы ў вялікакняскім судзе ў траўні 1529 г. У судзе разбіралася скарга Эйшышскага баярына на вольнага чалавека з нагоды ўяўнага сведчання апошняга, у выніку чаго першы пазбавіўся двух прыгонных сялянаў. Дзецкі суддзі і пацярпелы бок скіраваліся на месца, каб выслухаць патрэбныя сведчанні. Там баярын стаў па-літоўску угаворваць сведкаў, каб далі ўяўныя паказанні на яго карысць. Дзецкі зразумеў сутнасць таго, што адбываецца і далажыў суддзям аб няправільным сведчанні. Ён з'яўляецца цікавейшай фігурай у дадзеным дакуменце. Гэта Васіль Бялянін, рускі ВКЛ. Ён па крайняй меры дзвюхмоўны чыноўнік суда, які валодаў літоўскай. Ён у некаторым сэнсе слова перакладчык, хаця гэта яго функцыя другарадная – такога штату ў судах ВКЛ не было. Перакладчыкам магла стаць любая афіцыйная асоба. Для параўнання зірнем на падобную сітуацыю ў Прусіі, на паўночна-заходнюю частку княства, дзе ў пераважнай большасці жылі літоўцы. Пазней гэтая тэрыторыя атрымала назву Малая Літва. У 1578 г. маркграфам Георгам Фрыдрыхам на літоўскай мове былі выдадзеныя два ўказы для літоўскага насельніцтва з Цільжэ і Рагайне – усім літоўцам Прусіі, у якіх ім забаранялася наведваць каталіцкія храмы ў ВКЛ (Жамойці) і да таго іх заклікалі пакончыць з паганскімі павер'ямі. За гэтым павінны былі сачыць лютэранскія біскупы і пастары Прусіі – самі або праз сваіх упаўнаважаных, праводзячы візітацыі прыходаў. Візітуючых павінны былі суправаджаць пісар, каморнік (прадстаўнік мясцовай улады) або іншая дастойная асоба, якая ведае літоўскую мову . Як бачым, у Прусіі моўныя справы знаходзіліся ў іншым стане. Пісар, каморнік, прадстаўнікі ўлады, ужо маглі не ведаць літоўскай. У такім выпадку візітуючага павінна была суправаджаць дастойная, персона, якая валодала літоўскай – гэта перакладчык.
У ВКЛ была патрэба ў веданні літоўскай мовы. Цудам ацалелыя каўнаскія крыніцы пад 1562 г. інфармуюць аб польскім хлопчыку, які навучаўся літоўскай мове ў сям'і літоўцаў, а пад 1567 г. – такім жа чынам літоўскай і польскай мове навучаўся нямецкі хлопчык . Няведанне літоўскай мовы стала прычынай адстаўкі з пасады лаўніка Каўнаскай магдэбургіі немца Андрэаса Войта ў 1538 г. Кожны абывацель ВКЛ меў права разумець тое, што адбывалася ў публічным жыцці, на роднай мове. Тлумачыць па-літоўску або на якой іншай афіцыйнай мове ўваходзіла ў абавязкі адміністрацыі дзяржавы. Норма была простай: усе мелі права зразумець сутнасць справы, у іншым выпадку з чалавека здымалася адказнасць. Такую клаўзулу можна знайсці ў віленскім вількюры (гарадскіх правілах) ад 18.ХІ.1551: выклік у суд і ўпісанне рашэнняў суда ў кнігі павінны весціся “…po polsku i po litewsku, i po rusku, aby wszyscy, ktorzy by słuchali, rozumieli” . Нейкі каўнаскі мешчанін Мейлус у гарадскім судзе заявіў у 1544 г., што не можа быць сведкам з-за таго, што ні па-польску, ні па-нямецку не ўмее .
Такім чынам, ужыванне літоўскай мовы баярствам, мяшчанствам, каталіцкім духавенствам і ў кіраванні краем, хаця і па нешматлікіх дадзеных, але дастаткова шырока засведчана. Літоўская мова нават уплывала на рускую, і, што важна падкрэсліць, — на яго пісьмовую форму. У гістарыяграфіі гэта вядома як праблема запазычвання літоўскіх слоў у справаводстве на рускай у ВКЛ . Гаворка ідзе пра сотні слоў, якімі пазначаліся асаблівасці літоўскага сацыяльнага ладу, быту і гаспадаркі – усё, што рэпрэзентавала літоўскую культуру і літоўскія сацыяльныя працэсы ў ВКЛ. Гэта словы-азначэнні. Яны асядалі ў пісьменстве таму, што пісары літоўцы і нелітоўцы не знаходзілі аналогіяў літоўскім працэсам у рускім асяроддзі. Першыя літоўскія словы ў рускае пісьмо ВКЛ маглі пранікнуць да сярэдзіны XІV ст. Некаторыя сталі агульнадзяржаўнымі, паколькі зыходзілі з вялікакняскіх фінансава-гаспадарчых структур – diaklo, mezleva, bonda, doilida, rikūnja, sviren, klet’, асобныя засталіся лакальнымі – жыбеньтяй, букштель на Віцебшчыне і Магілёўшчыне ў Беларусі . Зразумела, што ў канцылярыях этнічнай Літвы літоўскіх слоў выяўлена пераважная большасць. Пашырэнне літоўскіх слоў-азначэнняў ужо ў каторы раз сведчыць аб шырокім ужыванні гэтай мовы ў публічным жыцці ВКЛ.
Такім чынам, падобна на тое, што мы маем справу з лінгвістычным сумесным жыццём (суіснаваннем) і раўнавагай, якія склаліся за стагоддзі ў ВКЛ, а не з праблемай дзяржаўнай мовы. Улады клапаціліся пра падтрымку полілінгвізму. Полілінгвізм быў ад Бога, які перамяшаў мовы пры будаўніцтве Вавілонскай вежы. Літоўская мова ў гэтай сістэме доўгі час займала дастойнае месца. Вынікае выснова, што дзяржаўная мова ВКЛ па-просту адсутнічала. Пошукі такой можна назваць анахраністычным метадам даследаванняў.